2 нояб. 2015 г.

Дзяды, ўспомнім продкаў

Image result for Дзяды


   Дзяды́ (Дзень памяці продкаў) — народны памінальны абрад, рытуальная вячэра ў памяць памерлых продкаў. Дзядамі таксама называлі дзень, калі адбываўся абрад, і душы нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі.
   У найбольш архаічнай форме захаваліся толькі ў беларусаў.

   Паходзяць Дзяды з дахрысьціянскага балта-славянскага звычаю трызны, зьвязанага з культам продкаў. Пазьней абрад ускладніўся напластаваньнем хрысьціянскага культу.
   Дзяды спраўлялі ў пэўныя дні, у залежнасьці ад мясцовасьці па некалькі разоў на год, часьцей вясной і ўвосень. Галоўнымі былі Зьмітраўскія Дзяды (асяніны) у суботу перад Зьмітравым днём (26 кастрычніка паводле старога стылю), а таксама на радаўніцу, перад масьленіцай, сёмухай.
   На Дзяды гатавалі рытуальныя стравы (7 і больш няцотных сьвяточных і абрадавых страваў). Абавязковымі былі куцьця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалі па кавалачку для нябожчыкаў і пакідалі на ноч: лічылася, што душы памерлых продкаў, якія прыходзяць на Дзяды, трэба пачаставаць.[2] А пасьля вячэры са стала не прыбіралі — для таго, каб памерлыя маглі за ім пасядзець у цішыні.
   Абрад пакліканьня душаў памерлых на Дзядоў мастацка апісаны Адамам Міцкевічам у яго знакамітай паэме «Дзяды».


   У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, іначай, як лічылася, яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў.
   У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў — дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з'есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады.    На Дзісеншчыне выпісвалі з сямейнай хронікі памерлых і ўпісвалі нованароджаных. Пасля вячэры гаспадар казаў: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!» У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх — добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям'і нехта памрэ. Паводле павер'я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.
   У некаторых рэгіёнах Беларусі на Дзяды наведваюць могільнікі — робяць прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладаюць магілы дзірваном, камянямі, ставяць крыжы. Пасля на магілах пакідаюць пачастунак. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт.