19 июн. 2016 г.

Людміла Воранава, вершы.



І ЗНОЎ - НА ЗАХАД!..ЕДУ Я ДАДОМУ...
(вытрымка)

Нямала год жыву я ў сталіцы,
У Мінску ёсць і праца, і сям'я,
Але начамі вельмі часта сніцца,
Кліча дамоў радзімая зямля…
І зноў - на захад! Еду я дадому,
Вакол гасцінца - жоўтыя палі,
Як прывітанне госцю дарагому
Яны каўрамі рапса зацвілі…
Пяе матор, як жаваранкі ў полі,
З'язджаю я з Дзяржынскае гары -
І адчуванне птушкі ў прыволлі -
На крылах мар нясуць мяне вятры.

А Я - БЕЛАРУСКА! И ТЫМ ГАНАРУСЯ!

А я - беларуска!
І тым ганаруся!
Славянка? Этруска?
Я з Белае РУсі…
Яе называлі
па-рознаму у свеце.
Тапталі, знішчалі
ў часы ліхалецця,
але, яна тут,
разам з намі, жывая!
І гэта - галоўнае!
Усіх нас аднае!
Пакуль яна ёсць,
Наша любая маці,
і нас беларусамі
змогуць назваці…



Быць беларусам не сорамна!


Быць беларусам не сорамна!
Сорамна ім не быць!
Кідацца ў розныя стораны
І па цячэнню плыць...
Мову не ведаць родную,
Што ў малацэ матуль -
Кажаш, яна не модная?
Ведаеш ты адкуль?...
Хто нам дыктуе моднасці?
Думаў?.. Чаму не ты? -
Гэта праверка годнасці -
Зрачыя ці "кратЫ"?
Гэта прывіўка вірусам
Моцнасці каранёў -
Дрэва, дзе змест папіруса -
Будучынь нашых днёў…

//vershy.