Толькі кожная дзясятая кніга ў Беларусі выходзіць на беларускай мове.
Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА 15 год таму прызначыла Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day). Мэта «лінгвістычнага» свята — садзейнічаць шматмоўю, захаванню рэдкіх моў і культурнай разнастайнасці ў свеце. З 2000 года Дзень роднай мовы адзначаюць штогод 21 лютага. Дату абралі невыпадкова. У гэты дзень у 1952 годзе бангладэшскія студэнты выйшлі на вуліцы Даккі, цяпер сталіцы Бангладэш, а ў тыя часы — горада ў Пакістане. Удзельнікі вулічнай акцыі патрабавалі, каб улады прызналі іх родную мову бенгалі дзяржаўнай. Але дэманстрацыя была жорстка разагнана, некалькі ўдзельнікаў загінулі.
Беларуская мова ў нашай краіне мае статус дзяржаўнай, але ў паўсядзённым жыцці рэдка можна пачуць беларускую гаворку. ЮНЕСКА нават занесла беларускую ў «Атлас моў свету, якім пагражае знікненне» са статусам «слабая» (vulnerable).