18 окт. 2013 г.

Немного про Бастуны в 2010 году

У вёсцы Бастуны напачатку затрымлівацца не плянаваў. Хіба што на чыгуначнай станцыі — дзеля перасадкі для далейшага вандраваньня па Воранаўшчыне. Тым больш, не знайшоў ніякіх згадак ані ў друку, ані ў Інтэрнэце пра тое, што мне казаў тут пасьля ці ня кожны запар. Маўляў, паселішча — “ахвяра прэзыдэнцкага курсу на аграгарадкі”.



Спадар: “У Бастунах пэрспэктывы былі б, каб не перанесьлі цэнтар калгасны ў Тракелі…”

Яшчэ на пад'езьдзе заўважыў багата кінутых, перакошаных, нават абгарэлых хацін. Дый сама станцыя — нефарбаваная, з абсыпанай тынкоўкай. І раптам, за 100 мэтраў, зь нерухома ўзьнятым жэзлам ды застылым на ветры тварам — маладая прыгажуня ў форме. Так пазнаёміўся з 23-гадовай дзяжурнай па станцыі Ірынай Рамейкай. У “дзяжурцы” — сьляды няскончанага рамонту і на поўны гук — чыгуначны эфір.

Спадары: (перамовы ) : “У вас трэці!.. Па заяўцы нельга больш за 15 па 100 вагонаў… Добра! У нас на 4 шлях 10 пададзена будзе і 4 на пяты…”

Іра: “Таварнякоў шмат — восем уначы прайшло. Брыкет, лес вязуць, цыстэрны з палівам на Ўкраіну, Літву. Прыгарадных у суткі восем. Самыя значныя — увечары ў 18 і зранку ў 7 да Ліды: да працы людзі едуць. У Воранава ў дзевяць. Міжнародных ужо няма…”

Каркута: “Я б не сказала, што пасажыраў у нас шмат…”



Карэспандэнт: “Я б таксама…” (Сьмех.) 


Каркута: “У асноўным на кірмашовыя дні, а так выйдуць чалавек 3—5. Каб наша чыгуначная хата хоць не развалілася. (Сьмех.) А рамонт — ня ведаем, як зь ім. Наогул год тут жывем. Фасад зрабілі, а ўнутры…”

Гэта падышла зьменшчыца — спадарыня Валянціна Каркута. Яна й выклікала “маму Бастуноў” — як тая пра сябе кажа, “начальніцу, прыёмаздабытчыцу ды білетную прадавачку”, 50-гадовую спадарыню Станіславу Морыс. Адчувалася, што ад жыцьця ў яе “накіпела”. І ня тое што меры прыняць — выказацца няма каму.

Морыс: “Станцыю заўважаюць тады, калі нешта сюды трэба прывезьці, каб нешта зрабіць. Будавалася ў 1900-х гадах. Цэгла чырвоная на вапняку, крытыя аркі — цяпер так не будуюць. Пачалі рамонт — тое, што вякамі стаяла, стала рушыцца. Такія “рэканструктары”. А грузавая станцыя — адна на ўвесь раён. Да гэтага году самі палілі ў кацельнай на ўсю вёску — была на нашым балянсе. Да мільёна атрымліваем чыстымі. Чыгунка на бураках выжывае — грузіць у гэтым годзе было мільён тонаў. У нас раней аптовая база была на ўсю Воранаўшчыну — вагонамі вазілі цукар, муку, мэблю, была сельгастэхніка, склады райпо, саўгас “Бастунскі”. Потым зрабілі “Тракельскі”. Цяпер вясковым людзям, каб соткі браць, трэба невядома куды ехаць. Людзі працуюць, дзе хочаце, бо ня выйсьце — паспалітаму чалавеку ісьці ў той “Тракельскі” 5 км пешшу на 300 рублёў — паскарачалі прадпрыемствы. Жыльля, моладзі няма. Вёска нічым добрым ня скончыць…”

Выходзім з суразмоўніцай на пустэльную плошчу перад вакзалам. Па даведку падышла былая прадавачка крамы, 73-гадовая спадарыня Марчык.

Марчык: “Жыву цяпер адна на пэнсію 470. А людзі зарабляюць менш, бо тут самыя п'яніцы — каля крамы жывуць…” (Сьмяецца.)

Насупраць — сельсавет, крама ды аптовая база, якая не працуе. Між імі кучкуецца купка бамжаватых дзецюкоў з характэрнымі тварамі. Спадарыня Станіслава не вытрымлівае:

Морыс: “Вунь бачыце, колькі беспрацоўных — чакаюць з раніцы, калі адчыніцца крама, каб пахмяліцца. Жывуць на часовую працу, каб на бутэльку. Яны шчасьлівыя людзі, бо ім пра заўтра ня трэба думаць! У іх на базе і “гандэлачак” для разьліву…”

Падысьці да “вольных наймітаў” ня даў старшыня сельсавету, 43-гадовы спадар Бурч, які пад'ехаў на маю просьбу. На пасадзе 11 год. Кажа, што вусы ад праблемаў пастаянна натапыраныя. Эдуард — Люцыянавіч па бацьку ў трэцім калене. Карэнны. А таму ўсіх працаздольных з 650 насельнікаў ведае з маленства. Нягледзячы на тое, што…

Бурч: “На працу ў Воранава езьдзяць да 40 чалавек, на экспэрымэнтальную базу Пагародна — 10 чалавек, у Тракелі — чалавек 25. Была катэгорыя гастарбайтэраў на Расею — чалавек 10. Усе назад вяртаюцца. (сьмяецца.) Сустракаю хлопцаў пяць, 30-ці гадоў, месяц таму. Ну як, Пеця, зарабіў? Пешшу, кажа, з Масквы прыйшлі, на ежу зарабляючы. Непрафэсіяналы, і ў каго ні спытаць — зараз там жахлівейшы падман. Дагаворваюцца на столькі і столькі грошай, а да разьліку — няма. Дык добра, што хоць дайшлі без пашпартоў. Такія ж склады былі! У сталоўцы сілкавалася 80 чалавек. Вагоны з бульбай грузіліся дзясяткамі тысяч тон, чарга машын на 800 мэтраў стаяла. А то хто сюды паедзе — аграгарадкі за 10 км у Тракелях, за 6 у Журмунах, у Пагародна за 8, Воранава — 9 км…”

У часе размовы спадар Бурч відавочна распальваецца. І ўрэшце, як сам кажа, — “пра самую праўду”.

Бурч: “Аграгарадкі ёсьць, што проста назва. Трэба, каб была вытворчасьць, жыльлё, а ня лямпачкі ўключалі. А працы няма. У нашых Тракелях домікі пабудавалі, а там 2 фэрмы малочныя на 5 даярак. У нас фэрму закрылі. І зарплата павінна быць хаця б каля мільёна, а там і 150, і 120, 130 тысяч…”

Карэспандэнт: “Хутка ж выбары будуць. Што можа і ня можа мясцовы сельсавет?” 

Бурч: “Учора нас зьбіралі па пашпартызацыі, раней не займаліся. А так прыходзяць — “мой муж мне здрадзіў”. Што можам рашыць?” (Сьмех.)

Карэспандэнт: “А вы хоць па адным кандыдаце нашкрабяцё ў сельсавет?” 

Бурч: “Зараз 11 дэпутатаў. За гэта ж ні капейчыны ня плацяць, добраахвотна. Якія тут партыі — “Белая Русь” ёсьць, арганізаваная ўладамі. Імкнёмся, каб быў дэпутатам з ФАПу, што наведвае адзінокіх, настаўнікі, што працуюць з “дрэннымі” сем'ямі, работнікі культуры…”

Карэспандэнт: “Не баіцеся, спадар Станіслаў, што апошнім старшынёй Бастунскага сельсавета будзеце?” 

Бурч: “Усё магчыма…”

* * * 

Спадар Бурч знаёміць мяне з тымі, на каго ў Бастунах “духоўная і эканамічная надзея”. Заяжджаем да 84-гадовага экс-дырэктара школы, гісторыка ды краязнаўцы спадара Булаўкі. Хударлявы, крыху сагнуты гадамі, але галаву нясе высока. Уважліва слухае мяне і, ня даўшы адрэкамэндавацца, кажа:

Булаўка: “А вы працуеце на Радыё Свабода? Я так і зразумеў — слухаю…”

Напачатку — пра тое, чым займаўся прафэсійна.

Булаўка: “Паводле слоўніка Жучкевіча, паходжаньне вёскі — альбо ад слова “баставаць”, альбо ад прозьвішча Бастун. Жыў аж у 15 веку. Была спрэчка паміж бастунянамі, што пад памешчыкам Бастунам, які вёў спрэчку з памешчыкам з Крупава. Бастуняне не былі вызвалены ад падаткаў князем, а крупавічане — былі. Бастуняне не пайшлі з князем у паход на немцаў, а тыя — пайшлі. Паходжаньне ад “страйку” не падобна — не было прычыны.

Прыехаў у Бастуны ў 48 годзе. Была сетка засьценкаў — кампактнага паселішча не было. У 50—52 гадах стаўся калгас імя Шверніка. Ля цэнтру пачалі сяліцца людзі…”

Бастуны, як лічыцца, адносяцца да вёсак Гарадзеншчыны зь пераважна “польскім” насельніцтвам. Што ў гаспадара, сьвядомага беларуса, гадамі выклікае поўнае непрыняцьце.

Булаўка: “Якое яно польскае — каталіцкае! Адзін музыка пытаўся ў мяне, як ён вядзе вясельле. Кажу, слаўна, але лепш, каб па-беларуску. А ён — “быў бы задаволены, каб на польскай”. А я кажу — дакажы. Бацька дзе нарадзіўся? “Тут”. Дзед? “Тут”. І прадзед. Які ж ты паляк?! Сьвяткуюць Каляды — “польскае сьвята”. Праваслаўныя — “рускае”. А дзе ж, кажу, маё — я беларус!”

Карэспандэнт: “Наколькі важна для далейшага, у тым ліку эканамічнага, разьвіцьця адчуваньне нацыянальнай годнасьці?”

Булаўка: “Мне хочацца проста плакаць, як я гляджу, як другія народы вядуць барацьбу за захаваньне сваёй нацыянальнасьці. Альжырцы з такой моцнай Францыяй 12 год вялі барацьбу! Раней пякліся пра лёс каляніяльных народаў Афрыкі, Лацінскай Амэрыкі. Цяпер жа ходзім да іх па дапамогу — узяць Паўднёвую Карэю. У Бразыліі 70% зямель належыць амэрыканцам. Але ж яны пабудавалі сталіцу за 10 год, тады як мы адзін будынак вядомы — ня менш. Нацыянальная годнасьць — рэцэпт ад эканамічнага рабства…”

Карэспандэнт: “А што так моцна прынізіла сучасныя Бастуны?” 

Булаўка: “Пад аграгарадок падыходзім больш, чым іншая вёска, таму што захавалася старая матэрыяльная база — вялікая колькасьць складзкіх памяшканьняў, пякарня, ёсьць сярэдняя школа, ФАП, выдатныя пад'ездныя шляхі. Але палітыка такая — “не здадзім”! А калі далі, ня ведаюць, што патрабаваць ад чалавека…”

Бурч: “Пякарню ярданец купіў — шпроты рабілі, кільку. Працавалі ў 2 зьмены 110 чалавек два з паловай гады…”

Булаўка: “І арандатару загадалі заасфальтаваць вуліцу ў Воранаве. Чаму павінен быў рабіць? Офіс прыбудаваў — прымусілі яго разабраць. Сабраў сваё абсталяваньне і пераехаў у Менскую вобласьць…”

Бурч: “Там было шмат парушэньняў тэхнікі бясьпекі, і для санстанцыі…”

Булаўка: “Заўсёды знойдуць апраўданьні! Пэрспэктывы ў Бастунах ёсьць, калі знойдзецца добры прадпрымальнік і яму здадуць у арэнду памяшканьні…”

Ізноў зь Мікалаем Бурчам едзем да адзіных тут фэрмэраў — братоў Вітукевічаў. У хаце малодшы — 31-гадовы Антон. Былы кіроўца, два гады як пайшлі з братам Віталём на “вольныя ды ўласныя хлябы”. Аж ня верыцца, што гэты хударлявы, сьціплы хлопец настояў, каб узяць у арэнду 80 га на землях Воранаўшчыны, дагэтуль пакрытых пяском ды камянямі з дагістарычных ледавікоў.

Антон: “У фэрмэры не ідуць, бо працы надта многа — з раніцы да вечара. Робім зь дзяцінства, як маці вучыла. Зерневых з га зьбіраем у сярэднім па 35—40 цэнтнэраў. Трымаем 50 сьвіней. Узялі 2 трактары МТЗ-82 па лізінгу за 40 мільёнаў — праз банк плацім…”

Карэспандэнт: “На 80 га даводзіцца ж і сэзонных браць?” 

Антон: “Бульбу ўбіраць на біржы набіраем за 25 тысяч у дзень. Жонкі не дапамагаюць — маю двое дзяцей. Малодшаму 2 гады, старэйшы ў садзіку…”

Бурч: “Брат мой, аграном, дапамагае. Тэхнікі накуплялі, прыбытак пойдзе мо праз год толькі…”

Карэспандэнт: “Спадзеў ёсьць?” 

Антон: “Канечне, ёсьць! Навошта рабіць, калі думаць, што чым далей, тым горш?!”

Карэспандэнт: “Будуць Бастуны трымацца на вас?” 

Антон: “На гэта адказу ня буду даваць — пакуль…” (Сьмяецца.)

опубликовал Вороновский